Размаўляем на роднай мове
11.12.2025Дзіцяча-юнацкі сектар Цэнтральнай бібліятэкі падрыхтаваў для другакласнікаў гульню “Размаўляем на роднай мове”.
Клас быў падзелены на чатыры групы. Тры з іх атрымалі рабочыя лісты з малюнкамі адзення і абутку; посуду і бытавой тэхнікі; мэблі і прылад працы. Пад малюнкамі, карыстаючыся кнігай “100 беларускіх назваў. Дамашнія рэчы” і дапамогай касультантаў, трэба было запісаць пераклад. Пасля запаўнення лістоў каманды абаранялі сваю працу: паказвалі прадмет на слайдзе і называлі яго на абедзвюх мовах. Астатнія прыдумвалі сказ ці словазлучэнне з гэтым словам.
У той час, як тры групы займаліся перакладам, чацвёртая група гуляла ў гульню “Пары па-беларуску”: для картак з беларускімі назвамі адшуквалі адпаведную картку з выявай прадмета. У канцы мерапрыемства было праведзена бліц-апытанне з выкарыстаннем слайдаў “Скажы па-беларуску”. У ходзе гульні і па яе выніках дзеці атрымалі стыкеры са словамі падтрымкі і падзякі.
Такое ж мерапрыемства плануецца правесці пра жывёльны свет. Пасля заканчэння другой гульні рабочыя лісты будуць збрашураваныя, і атрыманы слоўнічак застанецца ў класе ў якасці падарунка.
