Старадаўнія абярэгі беларусаў
Старадаўнія абярэгі беларусаў

Старадаўнія абярэгі беларусаў

12.03.2026

Адмысловае месца ў культуры нашага народа займаюць абярэгі. Таму чарговае мерапрыемства для ўдзельнікаў этнаграфічнага клуба ”Нашчадкі“ пры Дзіцяча-юнацкім сектары Цэнтральнай бібліятэкі 11 сакавіка прайшло ў форме гадзіны цікавай інфармацыі пад назвай “Камень, костка, крыж…” Васьмікласнікі другой школы даведаліся пра найбольш старадаўнія абярэгі з костак жывёл, пра металічныя падвескі, змеевікі, шкаплеры, цацкі. Зацікавіла дзяцей інфармацыя пра засцерагальную ролю нітак, вышыўкі, пояса. На слайдах прэзентацыі яны ўбачылі абарончыя крыжы, камяні, фотаздымак абраду абворвання вёскі. Успомнілі рабяты пра засцерагальную ролю рэчаў, датычных царквы: званоў, абразоў, грамнічных свечак, свянцонай вады. Ішла размова і пра асобныя адносіны нашых продкаў да сакральных месцаў: плоту і печы. Дзеці даведаліся, што аздабленне дзверэй і вокнаў, як рубяжоў зносін з небяспечнай прасторай знешняга свету, выконвала не толькі дэкаратыўную, але і засцерагальную ролю. Была звернута ўвага таксама на абарону з дапамогай дзеяння, напрыклад, акружэнне, і слова – замовы. Напрыканцы мерапрыемства яго ўдзельнікі прыйшлі да высновы: абярэгі заўсёды прысутнічаюць вакол нас, нават калі мы іх не заўважаем, не ўспрымаем у гэтай якасці.

Возврат к списку