Даведаліся пра таямніцы роднай мовы
10.02.2026Дзіцяча-юнацкі сектар Цэнтральнай бібліятэкі падрыхтаваў для членаў клуба КВН гадзіну карыснай інфармацыі ”Таямніцы роднай мовы“. Рабяты даведаліся пра гісторыю нашай мовы, пра яе месца ў свеце, пра дзяржаўныя дакументы, якія тычацца мовы і, нарэшце, пра яе статус як уразлівай. Далей дзеці атрымалі цікавыя звесткі пра запазычаную лексіку, пра ўзнікненне славянскіх азбук глаголіцы і кірыліцы, пра лічбавае значэнне літар.
Асаблівую цікавасць выклікала інфармацыя пра тое, што робіць нашу мову другой па мілагучнасці ў свеце, пра ўстарэлыя і новыя словы, пра безэквівалентную лексіку. Дзеці складалі пары з архаізмаў і сучасных слоў, рашалі “гістарычныя” задачы, выкарыстоўваючы веды пра старадаўнія адзінкі вымярэння, суадносілі неалагізмы са звыклымі для нас словамі. Весела прайшла тая частка мерапрыемства, якая тычылася безэквівалентнай лексікі. Дзеці пераканаліся ў тым, як недарэчна гучаў бы пераклад некаторых геаграфічных назваў, назваў прадпрыемстваў, мянушак жывёл, імёнаў герояў кніг і мультфільмаў, напрыклад, Мікі Маус – Мікола Мыш або Міхась Мышка, поні Педра – поні Пятрок, Дональд Дак – Дональд Качка і т.п.
